Аб’яднанне па інтарэсах «Асалода» скіравана на абуджэнне ў вучняў цікавасці да прадмета ў цэлым і да вуснай народнай творчасці ў прыватнасці, на спасціжэнне падлеткамі багацця і непаўторнасці мастацкай творчасці беларускага народа, разнастайнасці яе відаў і жанраў, на развіццё мастацкага густу і творчых здольнасцей навучэнцаў. Прапанаваная праграма разлічана на 35 гадзін (на тэарэтычны матэрыял, фальклорныя тэксты і творчыя работы вучняў) і ўтрымлівае інфармацыю пра ўсе асноўныя фальклорныя жанры і дае цэласнае ўяўленне пра віды і жанры беларускага фальклору.
Вядома, што заняткі ўключаюць у сябе ўсе асноўныя віды працы ў пазакласнай рабоце. Асаблівасць прапанаванага курса ў тым, што настаўнік мае магчымасць арганізаваць практычныя заняткі ў музеі, тэатры ці ў школьным кабінеце (пасля прагляду тэатральнага спектакля, навукова-папулярнага ці мастацкага тэле- і кінафільма, праслухоўвання радыёперадачы, наведвання канцэрта народных выканаўцаў ці фальклорнага свята і інш.).
Праграма грунтуецца на прынцыпах дэмакратызацыі і гуманізацыі навучання і арыентуе на засваенне агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар успрымання шасцікласнікамі прапанаванага матэрыялу, на індывідуальна-асобасны падыход да навучання. Яна распрацавана на аснове грунтоўнага вывучэння праблемы з улікам узроставых асаблівасцей і інтэлектуальных магчымасцей вучняў VІ класа.
Мэты:
- узмацніць цікавасць вучняў да багацейшай народнай каляндарна-абрадавай спадчыны, да духоўнай культуры беларусаў;
- даць цэласнае ўяўленне пра жанравае багацце і тэматычную разнастайнасць каляндарна-абрадавай паэзіі;
- пашырыць уяўленне пра адлюстраванае ў вусна-паэтычнай творчасці духоўнае і працоўнае жыццё народа, яго светапогляд, мараль, эстэтычныя ідэалы;
- садзейнічаць успрыманню вучнямі фальклору як мастацтва слова, паказаць яго ролю ў фарміраванні беларускай літаратуры;
- выхоўваць асобу з гуманістычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, асобу, адданую агульначалавечым ідэалам.
Сярод духоўных набыткаў нашага народа асаблівую навуковую і культурную каштоўнасць мае вусная паэтычная творчасць. Фальклор – гэта мастацкі летапіс народа, захавальнік яго багацейшых духоўных традыцый, быту і гаспадарчага вопыту, абуджальнік творчых здольнасцей беларусаў.
Фальклор – арганічная частка традыцыйнай народнай культуры. Фальклорныя творы шырока ўваходзіць у абрадавыя фальклорна-этнаграфічныя комплексы як іх неад’емная частка, асобныя вусна-паэтычныя творы прымеркаваны да пэўных каляндарных свят.
Беларускі фальклор прайшоў доўгі і складаны шлях развіцця і знітаваў у сабе ідэі і вобразы розных падзей і эпох. Увесь гэты час вусная народная творчасць была ў руху: змяняліся яе светапоглядная аснова, вобразная і паэтычная сістэмы, жанравы склад, побач з міфічнымі персанажамі з’яўляліся новыя героі. Гэта акалічнасць вымагае захавання прынцыпу гістарызму ў вывучэнні фальклору, суаднясення асобнага твора з канкрэтнамі гістарычнымі ўмовамі, якія выклікалі яго да жыцця і падтрымлівалі далейшае бытаванне. Вусна-паэтычная творчасць беларусаў акрэслівала многія маральна-этычныя нормы стасункаў людзей у грамадстве і была скіравана на ўмацаванне сям’і і сямейных адносін, на выхаванне новых пакаленняў у адпаведнасці з высокімі нормамі народнай маралі. Такая мараль патрабавала ад людзей прыстойнасці, справядлівасці, праўдзівасці, працавітасці і многіх іншых якасцей, якія адносяцца да агульначалавечых каштоўнасцей. Дзякуючы гэтым маральным нормам чалавек жыў у суладдзі з прыродай, ахоўваючы яе і абараняючы тым самым сваё асяроддзе існавання.
Фальклор – з’ява мастацтва, дзе ўсё багацце ідэй выяўляецца праз мастацкія вобразы. Сваю важную ўласцівасць – задавальняць эстэтычныя патрэбы народа – фальклор не страціў да нашага часу. Беларускі фальклор уяўляе з сябе вялікую каштоўнасць і як узор высокпрафесійнага народнага мастацтва, і як адна з крыніц вывучэння гісторыі роднага краю, і як дзейсны сродак выхавання маладога пакалення і абуджэння яго нацыянальнай свядомасці, і як глеба для развіцця айчыннай літаратуры і мастацтва. Вусная паэтычная творчасць надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным ужытку. Глыбіня зместу, дасканаласць мастацкай формы фальклорных твораў і сёння жывіць фантазію і натхняе многіх пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, якія ў сваёй творчасці захоўваюць нацыянальныя традыцыі, выкарыстоўваюць тэмы і вобразы народнай паэзіі.
У наш час грамадства праяўляе вялікую цікавасць да нацыянальнай гісторыі і культуры, да фальклору і традыцыйных абрадаў. Ідзе працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці, адраджэння народных традыцый і святаў – Калядаў, Масленіцы, Гукання вясны, Сёмухі, Купалля, Дзядоў і інш. Сучасная школа актыўна ўключаецца ў гэты працэс. Прапанаваны факультатыўны курс будзе садзейнічаць больш трываламу і грунтоўнаму далучэнню маладога пакалення беларусаў да народнай спадчыны.